ГІСТОРЫЯ САМУЙЛАВІЦКАЙ І ПАЦЭВІЦКАЙ
СЯРЭДНІХ ШКОЛ
Гісторыя Пацэвіцкай сярэдняй школы пачалася ў жніўні 1862 года. На працягу такога вялікага перыяду школа неаднойчы мяняла свае назвы, пераходзіла з аднаго будынка ў другі, зачыняла свае дзверы на некалькі гадоў і нават пераязджала з адной вёскі ў іншую. А пачалося ўсё з народнага вучылішча, якое існавала са жніўня 1862 года ў в. Самуйлавічы Пескаўскай воласці Ваўкавыскага ўезду Самуйлавіцкага царкоўнага прыходу.
У 1910 годзе быў поўнасцю пабудаваны будынак для двухкласнага народнага вучылішча. У ім вучыліся дзеці з усіх суседніх вёсак: Самуйлавіч Горных, Борак, Ліхініч, Парфёнавіч, Забалацця і Пацэвіч.
У школе было 4 класы. Кожны настаўнік займаўся адначасова з двума класамі.Заняткі вяліся на рускай мове. Заняткі пачыналіся ў 9 гадзін раніцы і заканчваліся ўвечары. Хатнія заданні выконваліся ў школе.Дзеці вывучалі рускую мову, арыфметыку, славянскую гісторыю, закон Божы і іншыя прадметы.
Першымі настаўнікамі ў школе працавалі Рыгор Асіповіч Бертэль і Сцяпан Рыгоравіч Малец, якія скончылі курсы Свіслацкай семінарыі.
Рэлігійным выхаваннем займаўся святар мясцовай царквы Сава Кульчыцкі. У школе ўжывалася фізічнае пакаранне: непаслухмяных ставілі на калені, білі лінейкай. Гэтая школа працавала да пачатку Першай сусветнай вайны.
З 1921 года па 1939 год у Самуйлавічах зноў працавала школа, толькі выкладанне ў ёй вялося на польскай мове. Настаўнікамі ў школе працавалі Матысік Васіль Іванавіч, Ян Гыр’як, Афанасій Продка. Апошнім настаўнікам у польскай школе быў Енчмік Іван Аляксандравіч, які ў 1940 годзе стаў першым дырэктарам савецкай школы ў в. Самуйлавічы.
У сувязі з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны заняткі ў школе прыпыніліся. У школьным будынку размясцілася нямецкая камендатура. Дзеці ў школе не вучыліся. Адразу пасля выгнання фашыстаў у 1944 годзе ў Самуйлавічах была адкрыта пачатковая школа, якой кіравала настаўніца Марозава.
З 1945 года Самуйлавіцкая школа стала сямігадовай: быў адкрыты 5 клас. У 1948 годзе адбыўся першы выпуск вучняў, якія закончылі 7 класаў. Іх было 8 чалавек. З 1946 года па 1957 год дырэктарам школы быў Хрушчановіч Цэзар Эдмундавіч, які пазней стаў старшынёй калгаса.
Колькасць вучняў хутка павялічвалася, і школа ўжо не магла працаваць ва ўмовах старога памяшкання. Устала пытанне аб узвядзенні новага будынка школы. Сельсавет выдзеліў яшчэ 100 кубаметраў лесу. Фундамент школы рабілі вучні з загадчыкам гаспадаркі школы Крукоўскім, а зруб – будаўнікі з вёскі Боркі. Новы будынак школы быў пабудаваны ў 1952 годзе.
Астатнія вучні змаглі перайсці ў новую школу ў верасні 1953 года.У 1953/54 навучальным годзе быў адкрыты 8-ы клас. Школа стала сярэдняй. Яна была невялікай, але ўтульнай. Размяшчалася ў трох будынках. У ёй было ўсё неабходнае для заняткаў: класы, настаўніцкая, кабінет дырэктара, кабінет ваеннай падрыхтоўкі, лабараторыя, бібліятэка. Пазней была адкрыта школьная сталовая. Спартыўнай залы ў школе не было, але быў школьны стадыён, дзе многія спартыўныя снарады былі выраблены рукамі вучняў. Першы выпуск вучняў сярэдняй адукацыі быў у 1956 годзе. Атэстаты атрымаў 21 выпускнік. На памяць аб школе выпускнікам былі ўручаны кнігі.
20 сакавіка 1964 года на чале Самуйлавіцкай школы стаў Ляўда Іосіф Аляксандравіч. Ён скончыў БДУ па спецыяльнасці “Біёлаг-батанік”. Дырэктарам школы ён працаваў да 12 снежня 1991 года.
У 1964 годзе ў сувязі з пераходам на адзінаццацігадовы тэрмін навучання выпуску ў школе не было. Затое ў 1965 годзе быў самы вялікі выпуск - 41 вучань. Упершыню адбыўся выпуск адзінаццатага класа.
З 1953 года па 1974 год Самуйлавіцкую школу скончылі 492 вучні. За гэты перыяд імі было атрымана 4 залатыя і 2 сярэбраныя медалі.
Парыхтоўка да будаўніцтва сярэдняй школы ў вёсцы Пацэвічы пачалася ў 1973 годзе. Была падрыхтавана праектная дакументацыя, завозіўся будаўнічы матэрыял. Кіравалі будаўнічымі работамі інжынер Хвядук Вацлаў Казіміравіч, былы выпускнік Самуйлавіцкай школы 1969 года і прараб Кузняцоў П.М.
Да выканання падсобных работ прыцягваліся вучні і ўсе работнікі школы. Ход будаўніцтва быў пад пастянным кантролем дырэктара школы Ляўды Іосіфа Аляксандравіча.
Асноўныя работы па будаўніцтве школы былі выкананы да верасня 1974 года, дырэктар школы настаяў на тым, каб перайсці ў новую школу, калі яна пачне ацяпляцца. 15 кастрычніка кацельня стала даваць цяпло.
18 кастрычніка 1974 года вучні і ўсе настаўнікі выйшлі на лінейку. Гэта была апошняя школьная лінейка ў Самуйлавічах. На свята адкрыцця школы прыехалі загадчык РАНА Рында М.І., прадстаўнікі райкама партыі.
Загадчык РАНА перарэзаў чырвоную стужку, якая перакрывала ўваход у школу. Першымі зайшлі сцяганосцы, а потым усе астатнія вучні.У сваёй гісторыі Пацэвіцкая сярэдняя школа з’яўляецца працягам Самуйлавіцкай школы.
З 1992 года па 2019 год дырэктарамі Пацэвіцкай школы былі:Лапа М.У., Патапаў У.М., Слуцкі М.Д., Хільмановіч А.Я., Мамовіч Д.П.
У 2016 і 2018 годах школа была пераможцам сярод вучэбна – педагагічных комплексаў Мастоўскага раёна.
31мая 2019 года настаўнікі і вучні ДУА “Пацэвіцкі вучэбна – педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа” выйшлі на апошнюю развітальную лінейку са школай. Гэта была апошняя школьная лінейка ў Пацэвічах.
1 верасня 2019 года навучэнцы і большасць настаўнікаў школы перайшлі ў ДУА “Рагозніцкі вучэбна – педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа”.
ГІСТОРЫЯ РАГОЗНІЦКАЙ СЯРЭДНЯЙ ШКОЛЫ
У вёсцы Вялікая Рагозніца школа пачала існаваць з 1920 года. З самага пачатку і да 1939 года - гэта польская прыватная школа.
17 верасня 1939 года ў вёсцы ўсталявалася савецкая ўлада. Школа стала савецкай. Дзеці вучыліся ў доме Палубка Станіслава. У час нямецкай акупацыі школы не было. Васільчык Савяр’ян Паўлавіч дома вучыў тайна. Налічвалася ў той час 20 вучняў. Пасля вызвалення Рагозніцы пад школу перадалі “Дом людовы”, які належыў касцёлу. Працягваў працаваць Васільчык Савяр’ян Паўлавіч. Васільчыка С.П. змяніў Беразуеў (казак). Потым школу ўзначаліў Дравіца, а пасля - Грэшчык Антон Данілавіч (наш зямляк), які працаваў да 1960 года.
У 1960 годзе ў школу прыслалі на працу Шарамета Міхаіла Пракоф’евіча. У той час школа была васьмігадовай. Малады дырэктар з душой узяўся за працу. Школа патанала ў кветках. Прышкольны ўчастак даваў высокія ўраджаі. Заслуга ў гэтым і біёлага Евы Іосіфаўны Бярозавай. Настаўнікам школы патрэбна было шмат працаваць. Яны вялі вялікую грамадскую работу ў калгасе, школе і вёсцы, былі агітатарамі, лектарамі, дружыннікамі, вялі шэфскую работу на фермах, актыўна ўдзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці ў калгасе. У 1970 годзе, дзякуючы намаганням Шарамета М.П., адкрываецца новая школа, светлая і прасторная, - Рагозніцкая сярэдняя школа. Двухпавярховы будынак, які ўзвышаўся на ўскраіне вёскі, прывабліваў да сябе ўвагу тым, што быў пабудаваны з чырвонай цэглы. Будаваў яе наш зямляк Фядук Франц Ізыдаравіч.
1972 год… Навокал пустэча, вакол новага будынка адны камяні, трава. Але педагогі, вучні, работнікі школы смела павялі барацьбу з цаліною. Узначальвала працу настаўнік біялогіі Бярозава Е.І. Было ўсё распланавана, разбіты кветнікі, агарод, пасаджаны малады сад. Шарамет М.П. стаў ініцыятарам дэкаратыўнага азелянення тэрыторыі школы, асабіста сам здалёк прывозіў сажанцы кустоў. Па сённяшні дзень візітнай карткай школы з’яўляецца дэкаратыўная агароджа ў выглядзе геаметрычных фігур, якая прываблівае сваёй непаўторнасцю нават замежных гасцей.
З 1979 па 1983год дырэктарам школы працаваў Матвейчык Міхаіл Іосіфавіч. Галоўная задача школы - павышэнне якасці ведаў вучняў і ўзроўню іх выхаванасці. Закладзены дэндрарый, уведзена кабінетная сістэма, арганізавана самакіраванне. У школьным двары створаны “зялёны клас”, у якім настаўнік біялогіі Матвейчык Валянціна Уладзіміраўна арганізоўвала вучэбныя заняткі ў вясенне-асенні перыд, дэманструючы прыродныя з’явы. Матвейчык В.У. за добрасумленную працу, арганізацыю вучэбна-вытворчай брыгады атрымала званне “выдатнік асветы” , а школьны вучэбна – доследны ўчастак стаў узорным не толькі ў раёне, але і далёка за межамі вобласці.
У 1984–1990 гадах Рагозніцкую сярэднюю школу ўзначаліла Гардзіеўская Надзея Канстанцінаўна, намеснікам дырэктара на працягу 25 гадоў была Русак Марыя Вікенцьеўна.
У гэты час вялікая ўвага надаецца ўдасканальванню матэрыяльна-тэхнічнай базы, класным кабінетам і знешняму выгляду школы. Заасфальтаваны школьны двор, пабудаваны новы цагляны цір, на школьным агародзе закладзены пітомнік, пабудаваны вялікія цяпліцы. Быў створаны школьны ансамбль.
1990 год. Дырэктарам школы становіцца малады перспектыўны педагог Пяроў Сяргей Іванавіч, які па-гаспадарску ўзяўся за добраўпарадкаванне прышкольнай тэрыторыі, школьнага будынка. Штогод праводзіліся рамонтныя работы. Дзякуючы намаганням Пярова С.І., над галоўным корпусам школы ўстаноўлены новы дах. Быў адкрыты камп’ютарны клас.
Новы этап гісторыі пачынаецца з 2007 года, калі вёска Вялікая Рагозніца становіцца аграгарадком, а школа прымае сучаснае аблічча: зроблены капітальны рамонт будынка, адрамантаваны вучэбныя кабінеты, пераабсталяваны харчовы блок, сталовая, адноўлена спартыўная зала і прышкольная тэрыторыя. У выніку школа стала новай і прыгожай, дзе ўсім утульна і камфортна.
Школа займае лідыруючыя пазіцыі сярод устаноў адукацыі раёна. Настаўнікі дзеляцца вопытам работы, вучні становяцца пераможцамі конкурсаў, алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў. На першым месцы настаўнікі бачаць асобу ў кожным вучні. За гады існавання Рагозніцкая сярэдняя школа выпусціла 749 выпускнікоў, з іх - 43 медалістаў.
У 2011 годзе ДУА “Рагозніцкая сярэдняя школа” стала пераможцам сярод школ раёна ў намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі па развіцці інтэлектуальных здольнасцей вучняў”. Пяроў С.І., настаўнік гісторыі, і вучань Лудзіч Андрэй двойчы былі адзначаны прэміяй Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў, вучань стаў лаурэатам прэміі імя А.І.Дубко Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. Вучні-пераможцы алімпіяд неаднаразова ўзнагароджваюцца прэміямі раённага выканаўчага камітэта: Лобач Дзіяна (2007 год), Здановіч Ірына (2009 год), Лудзіч Андрэй (2010, 2011 гады), Варац Уладзіслаў (2020 год).
З 1 верасня 2019 года школа прайшла рэарганізацыю і была перайменавана ў “Рагозніцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад - сярэдняя школа”. Прыняла да сябе навучэнцаў і педагогаў ДУА “Пацэвіцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” і выхаванцаў ДУА “Рагозніцкі дзіцячы сад”. Дырэктарам новай установы адукацыі стаў Мамовіч Дзмітрый Пятровіч.
Па выніках 2019 года ўстанова адукацыі стала пераможцам раённага конкурсу на лепшую арганізацыю работы па развіцці сістэмы адукацыі сярод вучэбна-педагагічных комплексаў.