СЯДЗІБА СУХАДОЛЬСКІХ
Гісторыя нашага краю сапраўды багатая , у тым ліку і архітэктурнымі помнікамі.
Вялікая Рагозніца, знаходзіцца на мяжы трох раёнаў (Мастоўскага, Ваўкавыскага і Зэльвенскага), вядомая з пачатку 16 стагоддзя, належала каралеве Боне Сфорце.
Пасля каралевы Боны маентак пераходзіць да шляхціца Антонія Сухадольскага, які быў паважаным чалавекам, удзельнічаў у сейме 1778 года. У 1791 годзе ён пачаў будаваць радавую сядзібу Сухадольскіх, а Рагозніца стала малой радзімай для 5 сыноў Антонія, імёны якіх вядомыя далёка за межамі Беларусі: Райнольд Сухадольскі стаў вядомым паэтам, Януар – першым у Беларусі мастаком-баталістам. Старэйшы сын Ян стаў казначэем Вялікага Княства Літоўскага.
Сядзібны дом аднапавярховы з мансардай і тэрасай. Галоўны фасад вылучаны калонамі, франтонам. Дапаўняюць сядзібны дом гаспадарчыя пабудовы, вялікая мураваная брама. Гонарам вескі з’яўляецца і старадаўні парк вакол сядзібы.
Сёння сядзіба мае назву “Дварцова-паркавы комплекс” і з’яўляецца візітнай карткай нашай Рагозніцы, выдатна захавалася да нашых дзен і выкарыстоўваецца як адміністрацыйны будынак КСУП “Імя Адама Міцкевіча”.
КАСЦЕЛ НАЙСЯВЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ
КАРАЛЕВЫ ПОЛЬШЧЫ
З гісторыі вескі вядома, што ў пачатку ХХ стагоддзя маёнтак Рагозніца перайшло ва ўладанне Оскара Мештовіча. У яго бытнасць і пачалося будаўніцтва касцела, які быў асвенчаны ў 1926 годзе і атрымаў назву найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы Польшчы.
Касцел спраектаваны ў раманскім стылі і нагадвае адзінокія каменныя храмы Англіі. Пабудаваны касцел з колатых валуноў, якія былі сабраны мясцовымі жыхарамі ў ваколіцах Рагозніцы. Простыя лаканічныя формы, мясцовы будаўнічы матэрыял- вось што яго адрознівае.
Яшчэ ўнікальнасць касцела ў строгай эстэтыцы, характэрнай для лютэранскіх храмаў Прыбалтыкі і Скандынавіі. Магчыма, будынак праектаваў не польскі архітэктар.
У часы непрызнання веры Рагозніцкі касцел быў зачынены, аднак не даў сябе разрабаваць, а мужна вытрымаў усе выпрабаванні і ў 90-я гады расчыніў дзверы для вернікаў.
САМУЙЛАВІЦКАЯ СВЯТА - МІКАЛАЕЎСКАЯ ЦАРКВА
Нашы землякі – людзі як каталіцкага, так і праваслаўнага веравызнання, жывуць у міры і згодзе не адно стагоддзе. Таму непадалёку знаходзіцца і праваслаўны храм – Самуйлавіцкая Свята-Мікалаеўская царква, найстарэйшы праваслаўны храм нашай Мастоўшчыны.
Згодна з летапісамі, царква Святога Мікалая пабудавана ў 1801 годзе з булыжнага каменю і цэглы на сродкі памешчыка Аскіркі і прыхажан. Будынак прамавугольны, ззаду ў алтарнай частцы – паўкруглы, аднапавярховы. Дах дугападобны з адным купалам.
У канцы 50-х гадоў царква была зачынена, службы аднавіліся з вясны 1988 года, калі храм быў адрэстаўрыраваны і асвечаны Мітрапалітам Філарэтам. Гэта помнік архітэктуры пачатку ХІХ стагоддзя, які спалучае рысы позняга барока і элементы класіцызму. Сёння ён мае такі выгляд, як на макеце.
Як вы заўважылі, архітэктурная спадчына нашай малой радзімы – гэта каштоўныя аб’екты, частка матэрыяльнай і духоўнай культуры нашай краіны, якія створана мінулымі пакаленнямі.